КЛАСІ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
тып агульнай сярэдняй адукацыі, які прадугледжвае сістэматычнае вывучэнне грэч. і лац. моў, матэматыкі як гал. прадметаў. Узнікла ў Зах. Еўропе ў эпоху Адраджэння. Паводле сцвярджэння ням. педагога і даследчыка старажытнасці І.М.Геснера, толькі пры дапамозе К.а. стала магчымым пераадолець варварства сярэдневякоўя. У 19 ст. навуч. ўстановы з класічнай праграмай (гімназіі, ліцэі і інш.) былі асн. тыпам сярэдняй школы, якая рыхтавала да паступлення ва ун-т. На Беларусі К.а. давалі старэйшыя класічныя гімназіі: Мінская, Віцебская, Магілёўская, Слуцкая, Гродзенская. Без істотных змен К.а. захоўвалася ў Еўропе і Амерыцы да пач. 20 ст., калі паступова стала саступаць месца рэальнай адукацыі. У некаторых краінах (Вялікабрытанія, Германія) К.а. існуе як адзін з альтэрнатыўных кірункаў навучання ў сярэдняй школе. Сучасная тэорыя К.а. заснавана на псіхал. здольнасці пераносу ведаў і навыкаў, атрыманых у адной галіне, у любую іншую сферу чалавечай дзейнасці.
т. 8, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)